21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дар'я Блашко перамагла ў агульным заліку юніёрскага Кубка Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU), паведамілі БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі біятлона.
У агульным заліку выхаванка наваполацкай школы біятлона набрала 388 ачкоў. Другое месца заняла Лізавета Бельчанка з Казахстана - 339 балаў, трэцяе месца ў немкі Крысцін Маер - 333 ачкі. На праведзеным у славенскай Паклюцы юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па біятлоне, які падводзіў вынік сезона, Дар'я Блашко на п'едэстал гонару не трапіла, заняўшы 20-е месца ў індывідуальнай гонцы на 12,5 км, 15-е месца ў спрынце і 10-е месца ў гонцы праследавання.
Дар'я Блашко з'яўляецца двухразовай чэмпіёнкай свету сярод дзяўчат да 19 гадоў, які ў лютым 2015 года прайшоў у "Раўбічах".
У юніёрскім заліку Кубка IBU ў мужчын па выніках сезона 2015/2016 лепшымі з беларусаў сталі Максім Варабей - 231 ачко (16-е месца) і ўладальнік дзвюх залатых узнагарод праведзенага ў Славеніі юніёрскага чэмпіянату Еўропы Віктар Крыўко - 230 ачкоў (17-е месца).
Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена зборнай каманды Беларусі па біятлоне Дар'ю Блашко з заваяваннем юніёрскага Кубка Міжнароднага біятлоннага саюза ў агульным заліку ў сезоне 2015/2016.
"Твой поспех парадаваў усіх беларускіх аматараў спорту. Менавіта дасягненні на юніёрскім узроўні ўсяляюць упэўненасць у будучым айчыннай школы біятлона", - гаворыцца ў віншаванні.
"Упэўнены, што заўтра табе пакорацца самыя высокія спартыўныя вяршыні. Так трымаць!" - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт пажадаў усім членам каманды здароўя, шчасця і новых поспехаў.