22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі самбіст Сцяпан Папоў выйграў фінальны паядынак Еўрапейскіх гульняў у Баку ў вагавой катэгорыі да 74 кг у Аміла Гасімава з Азербайджана, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сцяпан Папоў у ходзе фіналу атрымаў перавагу ў ліку, затым дазволіў саперніку выраўнаваць становішча, але ў хуткім часе выйшаў наперад з перавагай у два балы. Не збаўляючы абароты, беларускі самбіст з Лепеля правёў болевы прыём на нагу апаненту, і яму была залічана чыстая перамога. Цікава, што ў фінале Еўрагульняў сустракаліся дзеючы чэмпіён свету (Гасімаў) і дзеючы чэмпіён Еўропы (Папоў) у вагавой катэгорыі да 74 кг. Пасля завяршэння паядынку аказалася, што азербайджанскі атлет атрымаў пашкоджанне. У духу "фэйр плэй" Сцяпан Папоў дапамог пераможанаму саперніку пакінуць дыван.
Бронзу ў гэтай катэгорыі заваявалі расіянін Азамат Сідакоў і грузінскі самбіст Каха Мамулашвілі.
Узнагарода Сцяпана Папова стала трэцяй у беларускіх самбістаў на Еўрагульнях. Бронзавымі прызёрамі ў ходзе сённяшняй фінальнай сесіі сталі Уладзіслаў Бурдзь (57 кг) і Кацярына Пракапенка (60 кг).