16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральная асамблея ААН на пасяджэнні ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, якое адбылося 15 чэрвеня, выбрала Беларусь членам Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС) на
2018-2020 гады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў."Ганаровае выбранне Беларусі ў ЭКАСАС сведчыць аб высокім узроўні даверу дзяржаў - членаў ААН да краіны, яе аўтарытэце на міжнароднай арэне, а таксама надзеях, якія ўскладаюцца на Беларусь як на новага члена
ЭКАСАС", - лічаць у прэс-службе.Эканамічны і сацыяльны савет з'яўляецца адным з галоўных органаў ААН. У яго ўваходзіць 54 дзяржавы, якія выбіраюцца Генасамблеяй на тры гады па геаграфічным прынцыпе. Шэсць краін прадстаўляюць рэгіён Усходняй Еўропы.
Тэрмін, у час якога Беларусь будзе ў складзе ЭКАСАС, стане ўжо дзявятым. Першы раз Генеральная асамблея ААН выбрала краіну ў склад ЭКАСАС у 1947 годзе. Прычым напярэдадні выбараў кандыдатура Беларусі была аднагалосна адобрана дзяржавамі Усходнееўрапейскай рэгіянальнай групы.
Названы савет займае цэнтральнае месца ў дзейнасці сістэмы ААН па пашырэнні ўсіх трох аспектаў устойлівага развіцця - эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага. Акрамя таго, ён адказвае за садзейнічанне павышэнню ўзроўню жыцця, выяўленне спосабаў вырашэння міжнародных праблем у эканамічнай і сацыяльнай сферах, міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне культуры і адукацыі, заахвочванне ўсеагульнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод.
Рэформы, праведзеныя на працягу апошняга дзесяцігоддзя, прывялі да ўзмацнення вядучай ролі ЭКАСАС у дасягненні збалансаванай інтэграцыі трох асноўных кампанентаў устойлівага развіцця. На Эканамічны і сацыяльны савет ускладзена задача каардынацыі дзейнасці па выніках канферэнцый і сустрэч ААН на вышэйшым узроўні.