16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі спартсмен Віталь Бубновіч заваяваў узнагароду вышэйшай вартасці першых Еўрапейскіх гульняў у Баку ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на дыстанцыі 10 м, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На першым этапе спаборніцтваў - у кваліфікацыі - Віталь Бубновіч заняў прамежкавае 5-е месца, выбіўшы ў шасці серыях 626,9 ачка (60 выстралаў). Яго калега па беларускай зборнай Ілья Чаргейка не трапіў у васьмёрку фіналістаў, аказаўшыся ў кваліфікацыі 12-м (624,6). З першым рэзультатам у фінал выйшаў армянін Грачык Бабаян, які ўстанавіў рэкорд гульняў у кваліфікацыі (629,3). У фінале з выбываннем сітуацыя карэнным чынам змянілася. Бабаян не змог утрымаць свой жа тэмп і стаў толькі 5-м (143,3), дапусціўшы памылкі ў 13-14-м выстралах.
Да заключнага 20-га выстралу ў фінале барацьбу вялі Віталь Бубновіч і вядомы італьянскі стралок, чэмпіён і прызёр летніх Алімпійскіх гульняў Нікола Кампрыяні. Па ходзе спаборніцтваў беларус толькі раз выбіў менш за 10 ачкоў. Яго рэзультат - 206,6 ачка, які стаў рэкордам фіналу Еўрагульняў. Італьянец завяршыў спаборніцтвы, выбіўшы 206,4 ачка, і заваяваў серабро. Бронзавым прызёрам стаў ізраільцянін Сяргей Рыхтэр (185,5).
Сёння ў кулявой стральбе будуць разыграны яшчэ два камплекты ўзнагарод у жанчын, аднак без удзелу беларусак. Пераможцы і прызёры вызначацца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на дыстанцыі 10 м, а таксама ў дысцыпліне трап.