11 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь праводзіць выбары згодна з Канстытуцыяй і заканадаўствам. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў пасля галасавання на выбарчым участку нумар 1, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пытанні датычыліся ацэнкі міжнародных наглядальнікаў, якія ў вялікай колькасці прысутнічаюць на выбарах, ходу выбарчай кампаніі. "Можа, вы і ведаеце міжнародныя стандарты, я асабіста іх не ведаю, хацелася б, каб вы мяне азнаёмілі з тымі стандартамі, якім мы павінны адпавядаць. Бяру ў двукоссе, гэта рытарычнае пытанне, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Самае галоўнае, я гэта ўжо не аднойчы падкрэсліваў, мы праводзім нашы выбары згодна з Канстытуцыяй і заканадаўствам нашай краіны. У нас ёсць законы, Канстытуцыя. Яны прайшлі адпаведную ацэнку. Мы былі за гэта. Але Канстытуцыя і нашы законы прызнаны ва ўсім свеце".
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён у ходзе цяперашняй выбарчай кампаніі чуе ацэнкі тых, хто непрадузята і адкрыта глядзіць на наш палітычны працэс. "І яны вельмі пазітыўна ацэньваюць не толькі ход прэзідэнцкай кампаніі, датэрміновага галасавання, арганізацыю гэтага працэсу, але і тое заканадаўства, па якім мы праводзім нашы выбары. Напрыклад, некаму не падабаецца датэрміновае галасаванне, але апора дэмакратыі Злучаныя Штаты праводзяць датэрміновае галасаванне, па-мойму, нават за некалькі месяцаў да асноўнага галасавання. Таму, перш чым крытыкаваць нас (я толькі адзін прыклад назваў, можна шмат), ідзіце і наладзьце там гэты працэс, як нехта хоча".