11 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь прадаўжае выступаць за хутчэйшае ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на міжнароднай канферэнцыі "Мінскія пагадненні праз год: дасягненні, выклікі, урокі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў міністра, беларускі бок заўсёды выступаў за вырашэнне канфліктных сітуацый цывілізаваным шляхам, за сталом перагавораў, без прымянення ваеннай сілы, без аказання палітычнага і эканамічнага націску. "Мы не раз сутыкаліся з палітыкай санкцый і абмежаванняў з боку нашых партнёраў і заўсёды заяўлялі аб неканструктыўнасці такіх падыходаў і іх негатыўных выніках", - адзначыў кіраўнік беларускага МЗС.
Ён падкрэсліў, што і "Мінск-1", і "Мінск-2" сталі магчымымі дзякуючы жаданню ўсіх уключаных бакоў сесці за стол перагавораў. "Гэта былі цяжкія, але вельмі неабходныя першыя захады па ўрэгуляванні сітуацыі", - заўважыў міністр.
Уладзімір Макей выказаў меркаванне, што дынаміка сучасных падзей наглядна дэманструе, што не менш важным для вырашэння канфлікту з'яўляецца і здольнасць прадаўжаць дыялог, як бы часам складана гэта ні было.