14 красавіка, Стамбул /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час праведзенай у Стамбуле сустрэчы з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам прапанаваў актуалізаваць парадак дня беларуска-турэцкага супрацоўніцтва, ажыццявіўшы перазагрузку па шэрагу канкрэтных напрамкаў з акцэнтам на гандлі і эканоміцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Настаў момант актывізаваць супрацоўніцтва, актуалізаваць парадак дня, адкарэкціраваць дарожную карту адносін", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь адкрыта да супрацоўніцтва з Турцыяй.
Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што тэмы, якія абмяркоўваліся на гэтай сустрэчы, атрымаюць далейшае практычнае развіццё ў час маючага адбыцца ў маі пасяджэння міжурадавай беларуска-турэцкай камісіі. Размова ішла аб перспектывах павелічэння турэцкіх інвестыцый у Беларусь, больш актыўным узаемадзеянні ў сферы турызму, у тым ліку шляхам павелічэння інтэнсіўнасці авіязносін паміж краінамі.
Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Рэджэпу Таіпу Эрдагану за запрашэнне прыняць удзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, падкрэсліўшы важнасць для Беларусі прысутнасці на такім маштабным форуме. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пляцоўка саміту таксама будзе садзейнічаць устанаўленню новых кантактаў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з шэрагам краін.
У сваю чаргу Рэджэп Таіп Эрдаган адзначыў, што такія сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўнях уносяць вялікі ўклад у развіццё двухбаковых адносін. Ён падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца востравам стабільнасці ў рэгіёне.
Прэзідэнт Турцыі пацвердзіў гатоўнасць наведаць Беларусь з візітам, парадак дня якога ў тым ліку будзе абмяркоўвацца на маючым адбыцца пасяджэнні міжурадавай камісіі.
Кіраўнікі дзяржаў таксама падрабязна абмеркавалі міжнародны парадак дня.