29 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дагавор паміж Беларуссю і Казахстанам аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года з праграмай сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва на гэты ж перыяд заключаны па выніках афіцыйных перагавораў у Палацы Незалежнасці. Подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, падпісалі шэраг дакументаў, у ліку якіх дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Казахстанам. Гэты праграмны дакумент прызначаны замацаваць перспектыўныя адносіны дзвюх краін да 2026 года і адкрыць новыя магчымасці ў развіцці ўсебаковага ўзаемадзеяння. Акрамя гэтага, падпісаны міжнародныя дакументы, якія датычацца вытворчай, навукова-тэхнічнай кааперацыі, спорту, а таксама сродкаў масавай інфармацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь і Казахстан заключылі міжурадавыя пагадненні аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі арганізацый абаронных галін прамысловасці і аб супрацоўніцтве ў галіне сродкаў масавай інфармацыі.
Падпісаны дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Казахстана.
У ліку падпісаных дакументаў таксама план супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Казахстана на 2018-2019 гады, праграма супрацоўніцтва ў сферы фізічнай культуры і спорту паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам культуры і спорту Казахстана на 2018-2019 гады, мемарандум аб узаемаразуменні па культурным супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры і спорту Казахстана.