28 лістапада, Баку /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Азербайджан пацвярджаюць зацікаўленасць у актыўным развіцці супрацоўніцтва. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева, прынятай па выніках перагавораў 28 лістапада ў Баку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у прадаўжэнні актыўнага развіцця міждзяржаўнага супрацоўніцтва па ўсім спектры двухбаковых адносін у мэтах павышэння дабрабыту народаў Беларусі і Азербайджана", - гаворыцца ў дакуменце.
Кіраўнікі дзяржаў у час сустрэчы ў традыцыйна дружалюбнай і давернай атмасферы абмеркавалі ключавыя тэмы беларуска-азербайджанскага партнёрства, пацвердзіўшы прыхільнасць духу і прынцыпам адносін, замацаваных у Дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай ад 2 мая 2007 года.
Прэзідэнты выказалі задавальненне паступальным развіццём беларуска-азербайджанскіх сувязей ва ўсіх сферах міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, высока ацанілі пазітыўную дынаміку супрацоўніцтва ў двухбаковым і шматбаковым фарматах, а таксама рэалізацыю дамоўленасцей, раней дасягнутых на вышэйшым узроўні.
Лідары краін канстатуюць супадзенне або блізкасць падыходаў дзвюх дзяржаў па ключавых праблемах сусветнага развіцця і міжнароднай бяспекі. Выказана імкненне і далей умацоўваць дружалюбныя адносіны і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
"Бакі прадоўжаць рэгулярны дыялог на вышэйшым узроўні, які садзейнічае павышэнню эфектыўнасці ўзаемадзеяння ў розных сферах, далейшаму напаўненню адносін стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі канкрэтным зместам, - адзначаецца ў заяве. - Бакі, падкрэсліваючы важнасць нарошчвання каардынацыі ў знешнепалітычнай сферы як на двухбаковай аснове, так і ў рамках рэгіянальных і міжнародных арганізацый, пацвярджаюць гатоўнасць і далей развіваць цеснае ўзаемадзеянне па тэматыках, якія ўяўляюць агульны інтарэс, аказваць падтрымку пазіцый дзвюх краін у ААН і яе інстытутах, АБСЕ і ў іншых міжнародных арганізацыях універсальнага і рэгіянальнага характару".