18 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Аптымізацыя ў МЗС і развіццё знешнеэканамічнай дзейнасці абмяркоўваліся на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы хацелі абмеркаваць са мной пытанні аптымізацыі МЗС. Калі там ёсць нейкія нестыкоўкі, няўзгодненасці, я гатовы (абмеркаваць. - Заўвага БЕЛТА), каб мы канчаткова маглі прыняць рашэнне", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Адначасова Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу яго цікавіць тэматыка знешнеэканамічнай дзейнасці. "У першым прыбліжэнні я знаёмы з вынікамі. Але ў вас гэта больш дакладная інфармацыя. І некалькі слоў аб перспектывах у плане дыверсіфікацыі знешняга гандлю, дзейнасці нашых пасольстваў", - сказаў Прэзідэнт.
Як далажыў Уладзімір Макей, у развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці па выніках 2017 года назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі. "Адбыўся рост экспарту на 23 працэнты. Прычым на дзве трэці гэта адбылося за кошт росту цэн, але на адну трэць - за кошт фізічнага росту экспарту. Таму ў цэлым гэта можна лічыць станоўчай тэндэнцыяй", - сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
"Дасканалы аналіз сведчыць аб тым, што не трэба самазаспакойвацца. Што датычыцца дыверсіфікацыі, тут зрухі таксама ёсць, але наперадзе яшчэ вельмі шмат работы", - адзначыў міністр.