3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнік акадэмічнага веславання Яўген Залатой стаў сярэбраным прызёрам ХХХІІІ летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Выступленні на спаборніцтвах Залатой пачаў роўна тыдзень таму, атрымаўшы перамогу на папярэдняй стадыі. 30 ліпеня беларус выйграў чвэрцьфінальны заезд, а 1 жніўня прабіўся ў фінал з другім часам па выніках паўфіналу. Сёння ў вырашальным заездзе за 500 м да фінішу Яўген быў шостым, але на апошнім адрэзку дыстанцыі абышоў амаль усіх сапернікаў і ў выніку заваяваў серабро з рэзультатам 6:42,96 сек. Чэмпіёнам стаў немец Олівер Цайдлер, бронзу ўзяў галандзец Сімон ван Дорп.
Гэта серабро - першая алімпійская ўзнагарода Беларусі ў акадэмічным веславанні з часоў Пекіна-2008, а Залатой - першы ў суверэннай гісторыі нашай краіны мужчына-прызёр Гульняў у гэтым відзе спорту. Другое месца на Алімпіядзе - галоўнае дасягненне ў дарослай кар'еры Яўгена. У мінулым годзе наш спартсмен быў сёмым на чэмпіянаце свету, а ў гэтым сезоне - пятым на чэмпіянаце Еўропы і трэцім на адным з этапаў Кубка свету.
Такім чынам, у актыве беларускай дэлегацыі нейтральных атлетаў ужо тры медалі Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Напярэдадні чэмпіёнам у скачках на батуце ў мужчын стаў Іван Літвіновіч, у гэтай дысцыпліне сярод дзяўчат серабро заваявала Віялета Бардзілоўская.
3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды па веславанні акадэмічным Яўгена Залатога з заваяваннем сярэбранага медаля на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Праявіўшы волю, вытрымку і зайздроснае тактычнае майстэрства, ты прадоўжыў слаўныя пераможныя традыцыі айчыннага акадэмічнага веславання, напоўніўшы радасцю і гордасцю сэрцы беларускіх балельшчыкаў. Думаю, што гэты алімпійскі поспех стаў сапраўдным падарункам у гонар нараджэння сына, з чым мы цябе таксама горача віншуем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пажадаў Яўгену Залатому моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту ў сям'і. "Упэўнены, наперадзе цябе чакаюць новыя спартыўныя вяршыні", - адзначыў беларускі лідар.