5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (88-ы нумар сусветнага рэйтынгу) упершыню ў кар'еры выйшла ў фінал турніру катэгорыі "Прэм'ер", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння на спаборніцтвах у аўстралійскім Брысбене з прызавым фондам $894 тыс Аляксандра Сасновіч абыграла 16-ю ракетку планеты Настассю Севастову з Латвіі ў двух сэтах - 7:6 (7:3), 6:4. У першай партыі саперніцы ішлі нага ў нагу, але на тай-брэйку больш упэўнена згуляла беларуска. У другім сэце барацьба таксама была вельмі ўпартай, але Аляксандра ў вырашальныя моманты зноў была мацнейшай і заслужана перамагла. Сустрэча прадаўжалася 1 гадзіну 34 хвіліны.
Выступленне на прэстыжным турніры ў Брысбене Аляксандра Сасновіч пачала з кваліфікацыі, па чарзе абыграўшы расіянку Паліну Монаву (178), амерыканку Джулію Босерап (135) і аўстралійку Ізабель Уолас (235). У асноўнай сетцы да сённяшняй вікторыі перамога была атрымана над прадстаўніцай Францыі Крысцінай Младзенавіч (11), эстонкай Анет Кантавейт (34) і францужанкай Алізэ Карнэ (38).
У вырашальным паядынку спаборніцтваў у Брысбене Аляксандра Сасновіч 6 студзеня сустрэнецца з пераможцай сённяшняга матчу паміж чэшкай Каралінай Плішкавай (4), украінкай Элінай Світолінай (6). Караліна Плішкава ў мінулым годзе стала трыумфатарам гэтага турніру, а ў 2016-м яго выйграла Вікторыя Азаранка.