24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правядзе перагаворы з Прэзідэнтам В'етнама Чан Дай Куангам, які 26-28 чэрвеня наведае з афіцыйным візітам Беларусь. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнікі дзяржаў правядуць сустрэчу 27 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці ў фармаце сам-насам, а таксама ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Бакі абмяркуюць увесь комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, а галоўнай тэмай перагавораў стане развіццё гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.
Чакаецца, што па выніках сустрэчы двух лідараў будзе падпісаны пакет дакументаў аб пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах.
У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка і Чан Дай Куанг прымуць удзел у адкрыцці Беларуска-в'етнамскага бізнес-форуму.
Праграма афіцыйнага візіту Прэзідэнта В'етнама таксама прадугледжвае перагаворы з кіраўніцтвам урада Беларусі і Нацыянальнага сходу, сустрэчу з прадстаўнікамі в'етнамскай дыяспары і студэнтамі, наведванне шэрага беларускіх прадпрыемстваў і культурных аб'ектаў.