25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Афіцыйны сайт II Еўрапейскіх гульняў у Мінску будзе прадстаўлены ў лістападзе. Аб гэтым паведаміў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч у час анлайн-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
Інтэрнэт-старонка спартыўнага еўрафоруму будзе працаваць на некалькіх мовах. "Сайт шырокай аўдыторыі прадставім 1 лістапада. Што ж датычыцца работы з сацыяльнымі сеткамі, ужо ёсць створаныя групы, старонкі, на якіх размяшчаецца інфармацыя аб ходзе падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў. Гэта рэсурсы Белтэлерадыёкампаніі: "Беларусь 1", "Беларусь 5", дзе дастатковая колькасць падпісчыкаў. Безумоўна, Еўрагульні будуць прадстаўлены ў розных сацыяльных сетках", - сказаў Аляксандр Карлюкевіч.
Намеснік дырэктара фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Анатоль Котаў адзначыў, што цяпер на афіцыйнай старонцы ідзе толькі адлік да старту Еўрагульняў, але гэта абумоўлена і тым, што кантракт падпісаны нядаўна. "Фактычна з першага верасня пачалася актыўная работа над афіцыйнай інтэрнэт-старонкай. Асноўнай мовай на сайце ў адпаведнасці з кантрактам стане англійская, але пра ўсю неабходную інфармацыю можна будзе даведацца на рускай і беларускай мовах. Што ж датычыцца актыўнасці ў сацыяльных сетках, будзем яе развіваць адначасова з прэзентацыяй сайта, на якую запросім журналістаў. Цяпер мы часткова выкарыстоўваем існуючыя старонкі, якія засталіся пасля першых Еўрагульняў, дзе вельмі шырокая аўдыторыя, напрыклад, у Facebook амаль 250 тыс. падпісчыкаў", - расказаў Анатоль Котаў.