15 чэрвеня, Орша /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае вынікаў ад работы па развіцці Аршанскага раёна. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час наведвання Аршанскага мясакансервавага камбіната, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У канцы года якраз гэтай тэмай зоймемся. Вы адкажаце за кожны квадратны метр", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ні аднаму гораду ў Беларусі не ўдзяляецца такая ўвага, як Оршы. "У мяне ж і Гродна, і Брэст ёсць. Я сюды прыехаў - папісваюць ужо: а калі Прэзідэнт захад наведае?" - дадаў ён.
Паводле слоў губернатара Віцебскай вобласці Мікалая Шарснёва, у Аршанскім раёне сапраўды ўжо зроблена шмат, у рэгіёне будуюцца ўнікальныя аб'екты.
У снежні 2018 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам зацвердзіў праграму развіцця Аршанскага раёна да 2023 года. Дакумент быў падпісаны "ў мэтах стварэння ўмоў для комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, павышэння якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва, стымулявання прадпрымальніцтва і ўкладання сродкаў у эканоміку рэгіёна, росту даходаў мясцовага бюджэту".
Праз месяц урад зацвердзіў комплекс мер па рэалізацыі гэтай праграмы. У дакуменце абазначаны мерапрыемствы па 18 напрамках: прамысловасць, АПК, транзіт і лагістыка, транспарт, будаўніцтва, сацпадтрымка, занятасць, развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, разумны горад, ЖКП, ахова здароўя, адукацыя, культура, гандаль, турызм і іншыя.