26 кастрычніка, Гомель /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны назваў перспектыўныя сферы супрацоўніцтва паміж краінамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь гатова падзяліцца з Украінай сваім вопытам у інфраструктурнай мадэрнізацыі - ва ўдасканаленні камунальнай гаспадаркі, абнаўленні парку пасажырскай і спецыяльнай тэхнікі, дарожным будаўніцтве", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у Гомелі ўкраінскія партнёры змогуць на канкрэтных прыкладах азнаёміцца з вынікамі работы беларускіх спецыялістаў і перспектывамі ўзаемнага супрацоўніцтва.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок, як і раней, гатовы да цеснай кааперацыі з украінскім горна-металургічным комплексам. "Не сакрэт, што яго тэхналагічны парк шмат у чым забяспечваецца надзейнай, праверанай гадамі кар'ернай тэхнікай БелАЗ. Нам неабходна прадаўжаць стратэгічнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Значны патэнцыял мае супрацоўніцтва ў транспартнай лагістыцы, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Больш эфектыўнае выкарыстанне нашымі краінамі геаграфічных пераваг будзе садзейнічаць паспяховай рэалізацыі розных праектаў у рамках мультымадальнага транспартнага калідора Балтыйскае мора - Чорнае мора", - звярнуў ён увагу.
На думку Прэзідэнта, важна задзейнічаць чыгуначны складнік, рачное суднаходства і інтэграваць марскія парты Украіны ў лагістычныя ланцужкі.
У гандлёва-эканамічныя сувязі паміж дзвюма краінамі ўключана вялікая колькасць суб'ектаў гаспадарання. У Беларусі налічваецца каля 300 сумесных кампаній з украінскім капіталам. Ва Украіне дзейнічае прыкладна 100 прадпрыемстваў з беларускім удзелам.
"Агульны аб'ём інвестыцый, укладзеных у праекты, што рэалізуюцца нашай краінай на тэрыторыі Беларусі і Украіны, у 2017 годзе перасягнуў $1,2 млрд", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Толькі за мінулы год ва Украіне на сумесных зборачных вытворчасцях выпушчана больш за 2 тыс. трактароў, 90 камбайнаў і 500 ліфтаў, дадаў ён.
У сваю чаргу Беларусь традыцыйна закупляе ва Украіне метал і ў шырокім асартыменце камплектуючыя для машынабудаўнічага комплексу, а таксама сельскагаспадарчую сыравіну і прадукцыю для развіцця жывёлагадоўлі і іншых галін сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці.
"Без удзелу рэгіёнаў нашых краін праекты ў галіне кааперацыі былі б пазбаўлены практычнага сэнсу. Аднак мы можам працаваць не толькі на рынкі сваіх дзяржаў. Напэўна, такі падыход быў бы занадта простым для нашых эканомік, якія знаходзяцца ў самым сэрцы Еўропы, на скрыжаванні асноўных гандлёвых шляхоў і ўдзельнічаюць у буйных праектах рэгіянальнай інтэграцыі. Акцэнт трэба рабіць на стварэнні сумесных прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю для рынкаў трэціх краін", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Украінскаму бізнесу, лічыць Прэзідэнт, будуць цікавы такія перспектыўныя пляцоўкі, як беларускі Парк высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". "Прэферэнцыі і спрыяльны інвестыцыйны клімат у рамках гэтых ініцыятыў даюць магчымасць рэалізаваць маштабныя задачы ў інавацыйнай сферы", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
"Акрамя таго, аграрыяў вашай краіны напэўна зацікавіць магчымасць глыбокай перапрацоўкі збожжа ў Беларусі для атрымання незаменных амінакіслот і выпуску высокатэхналагічных камбікармоў для жывёлагадоўлі. Гэты праект, у рамках якога будзе пабудавана 14 заводаў, рэалізуецца ў супрацоўніцтве з нашымі кітайскімі партнёрамі. Стварэнне вытворчасці разлічана на перыяд да 2030 года і прадугледжвае інвестыцыі ў памеры больш як $700 млн", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што такіх праектаў можа быць шмат, і заклікаў украінскіх прадпрымальнікаў і прамыслоўцаў уважліва ацаніць патэнцыял супрацоўніцтва з Беларуссю і яе рэгіёнамі.