7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аматары спорту з 15 студзеня па 5 лютага прымалі ўдзел у інтэрнэт-галасаванні па выбары лепшай ідэі для талісмана чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску і Рызе ў 2021 годзе. Сярод беларускіх удзельнікаў уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый стаў Майскі жук Майс/Хрушч. Сярод латвійскай аўдыторыі найбольшай увагі ўдастоены Вожык, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі хакея.
Крэатарам ідэі талісмана, які заваяваў сэрцы беларускай публікі, стаў Дзмітрый Галіноўскі. Канцэпцыю маскота, які спадабаўся латвійскім балельшчыкам, распрацаваў дызайнер Яніс Бурмейстэр. Прысуджэнне прыза глядацкіх сімпатый было заснавана на выніках галасавання карыстальнікаў на сайце Федэрацыі хакея Беларусі і на афіцыйнай старонцы грамадскага аб'яднання ва "УКантакце".
Фота ФХБ
На конкурс ідэй талісмана было прыслана больш за 100 заявак ад прадстаўнікоў Беларусі і Латвіі, прычым свае работы прысылалі як прафесійныя мастакі і студыі дызайну, так і звычайныя аматары хакея. У шорт-ліст, прадстаўлены грамадскасці, увайшлі 30 работ.
Што датычыцца выбару афіцыйнага талісмана планетарнага першынства па хакеі, за якога будуць галасаваць члены зорнага журы, то пераможца конкурсу стане вядомы 24 лютага.
Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай пройдзе 7-23 мая 2021 года ў сталіцах Беларусі і Латвіі. Рашэнне аб гэтым было прынята на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай, які праходзіў у Кёльне ў 2017 годзе. Запланавана, што матчы турніру прымуць "Мінск-Арэна" і "Арэна-Рыга".