13 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Чарговая партыя сродкаў медыцынскага прызначэння адпраўлена з Кітая ў Беларусь, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў беларускім пасольстве ў Пекіне.
"Раніцай 13 мая з Пекіна ў Мінск вылецеў беларускі самалёт са сродкамі медыцынскага прызначэння, - адзначылі ў дыпмісіі. - Прадаўжаецца гуманітарная дапамога Беларусі ад гарадоў і правінцый КНР. На борце медыцынскія сродкі ад гарадоў Пекін, Чанчунь, Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна. Па-ранейшаму актыўна дапамагаюць кітайскія кампаніі, якія ўзаемадзейнічаюць з краінай у розных сферах дзейнасці".
У пасольстве звярнулі ўвагу, што "цалкам рэалізавана даручэнне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па арганізацыі ў краіне ўласнай вытворчасці ахоўных масак". Рэйсам у Мінск будзе дастаўлена закупленая ў Кітаі лінія па вытворчасці рэспіратараў KN95. Такім чынам, будзе наладжана ўласная вытворчасць, якая забяспечыць патрэбнасць насельніцтва і ў плоскіх масках, і ў рэспіратарах 2 і 3 узроўняў аховы.
Больш за палову аб'ёму грузу - сродкі медпрызначэння, закупленыя беларускімі кампаніямі па запатрабаванні Міністэрства аховы здароўя: апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, тэст-сістэмы, ахоўныя сродкі. Вага грузу складае больш за 10 т.
Усяго ў Беларусь з Кітая за сакавік-май накіравана больш за 90 т розных сродкаў медыцынскага прызначэння, уключаючы дапамогу ад урада КНР, рэгіёнаў і суб'ектаў гаспадарання, а таксама закупленыя беларускімі кампаніямі медыцынскія вырабы.
Гуманітарнае ўзаемадзеянне Беларусі і Кітая прадаўжаецца і мае сістэмны характар.