13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Самалёт Мінабароны Беларусі Іл-76 з гуманітарнай дапамогай з Кітая прызямліўся на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам. У складзе грузу аўтаматычная лінія па вытворчасці рэспіратаў, апараты ШВЛ і ахоўныя сродкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта трэцяя дастаўка з Кітая гуманітарнага грузу для Беларусі, якая праведзена па рашэнні кіраўніка дзяржавы і ў адпаведнасці з пастановай урада. Груз сфарміраваны рэгіёнамі-пабрацімамі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Каардынатар дастаўкі - МНС Беларусі. Агульная вага грузу - большая за 10 т.
Курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС перагрузяць дапамогу ў аўтатранспарт МНС, потым яе даставяць на склады Міністэрства аховы здароўя.
"У гэтым грузе рэспіратары, тэсты, экспрэс-тэсты, абсталяванне для вытворчасці айчынных рэспіратараў, пульсаксіметры, бескантактавыя тэрмометры, ахоўныя камбінезоны", - паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк. Таксама гэтым рэйсам прыбылі 11 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.
"Глядзім у першую чаргу тыя рэгіёны, дзе найбольш напружаная абстаноўка, - туды ідзе крыху больш. Астатняе размяркоўваецца раўнамерна па ўсёй краіне", - расказаў намеснік міністра.
Ён выказаў удзячнасць за дапамогу кітайскаму боку, а таксама кампаніям, якія праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю: "Энерга-Оіл" і Wargaming.
Намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Андрэй Юржыц суправаджаў груз. Ён праінфармаваў аб тым, што рэйс прайшоў у штатным рэжыме. "Экіпаж справіўся са сваёй задачай на "выдатна", - сказаў на заканчэнне намеснік міністра.
Як паведамлялася, сёння раніцай з Пекіна ў Мінск вылецеў беларускі самалёт з медыцынскімі сродкамі ад гарадоў Пекін, Чанчунь, Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна. У складзе грузу закупленая ў Кітаі лінія па вытворчасці рэспіратараў KN95. Будзе наладжана ўласная вытворчасць, якая забяспечыць патрэбнасць і ў плоскіх масках, і ў рэспіратарах 2-га і 3-га ўзроўняў абароны.
Больш за палавіну аб'ёму грузу - сродкі медпрызначэння, закупленыя беларускімі кампаніямі па патрабаванні Міністэрства аховы здароўя: апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, тэст-сістэмы, ахоўныя сродкі.
Усяго ў Беларусь з Кітая за сакавік-май накіравана больш за 90 т розных сродкаў медыцынскага прызначэння, уключаючы дапамогу ад урада КНР, рэгіёнаў і суб'ектаў гаспадарання, а таксама закупленыя беларускімі кампаніямі медыцынскія вырабы.