12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краінавы офіс Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі перадаў сістэме аховы здароўя нашай краіны новую партыю абсталявання для дыягностыкі і лячэння COVID-19 - тэст-сістэмы для дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі і пульсаксіметры. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў краінавым офісе СААЗ.
Абсталяванне ад вядучых сусветных вытворцаў на агульную суму $257 тыс. пастаўлена па праекце "Падтрымка гатоўнасці СААЗ і мер у адказ для барацьбы з пандэміяй COVID-19", што фінансуецца Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці (USAID), і адпавядае ўсім патрабаванням СААЗ.
Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя атрымаў партыю з 16 450 тэст-сістэм для дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі метадам ПЛР, а таксама 16 450 аднаразовых камплектаў для адбору проб, 20 набораў для экстракцыі нуклеінавых кіслот і 3 магнітныя штатывы. "Закупленыя тэст-сістэмы дапамогуць лабараторнай службе Беларусі больш эфектыўна спраўляцца з нагрузкай ва ўмовах узрастаючай захваральнасці на COVID-19", - адзначылі ў офісе арганізацыі.
Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання атрымаў 115 пульсаксіметраў. У бліжэйшы час па праекце таксама будуць дастаўлены 11 манітораў назірання за жыццёвымі функцыямі пацыентаў, коштам $23 тыс. Цэнтр размяркуе абсталяванне ў тыя медустановы краіны, дзе яно будзе найбольш неабходна.
Раней па праекце USAID і СААЗ Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання атрымаў у рэспубліканскі рэзерв 250 кіслародных канцэнтратараў на агульную суму $211 тыс.