24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Польшча перадала Беларусі добрасуседскую дапамогу для барацьбы з каранавірусам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У Мінск з Варшавы прыбыла калона Дзяржаўнай пажарнай аховы Польшчы, якая даставіла дапамогу для перадачы Рэспубліканскаму цэнтру медыцынскага рэагавання. Частка грузу раніцай прывезена непасрэдна ў некалькі лячэбных устаноў Гродзенскай вобласці. Усяго Польшча перадала каля 50 тыс. л дэзынфіцыруючага сродку, 30 тыс. л антысептыку, а таксама 100 тыс. хірургічных масак і прэпарат Arechin.
"Калі бяда ў вас і ў нас, мне здаецца надзвычай важным, каб мы адчувалі сябе салідарнымі і блізкімі адзін да аднаго", - сказаў журналістам пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
Намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Барыс Андрасюк выказаў удзячнасць польскаму боку за сапраўды добрасуседскі жэст і салідарнасць. "Вядома, як сказаў пасол, спадзяёмся на далейшы паспяховы дыялог. Гэта дапамога, якая прыйшла сёння, будзе размеркавана непасрэдна ў медыцынскія ўстановы, што вядуць барацьбу з каранавірусам", - адзначыў ён.
У цырымоніі афіцыйнай перадачы грузу таксама прынялі ўдзел намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Ігар Болатаў, галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра экстраннай медыцынскай дапамогі Эдуард Вальчук, начальнік упраўлення Еўропы галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі МЗС Сяргей Нагорны.
"Мы ўдзячныя польскім партнёрам за гэты жэст добрасуседскай салідарнасці ў няпросты для ўсёй міжнароднай супольнасці час. Толькі разам, аб'яднаўшы намаганні, можна справіцца з гэтым выклікам", - падкрэслілі ў МЗС Беларусі.