10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Партыя дарагіх анты-ВІЧ прэпаратаў паступіла сёння на базу дзяржаўнага прадпрыемства "Акадэмфарм" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.
"Гэта падарунак буйнейшай індыйскай фармацэўтычнай кампаніі Cipla Limited і асабіста старшыні праўлення кампаніі, ганаровага члена НАН Беларусі доктара Юсуфа Хваджы Хаміда. Усяго дастаўлена больш за 6 тыс. упаковак анты-ВІЧ прэпаратаў на суму большую за $35 тыс. Актыўнае садзейнічанне ў арганізацыі і дастаўцы гуманітарнай дапамогі аказаў ганаровы консул Беларусі ў Мумбаі Лаліт Кумар Чэхані", - расказалі ў прэс-службе.
Авіядастаўку і захоўванне на мытным складзе прафінансавала Аб'яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС). Дакументальным забеспячэннем увозу гуманітарнай дапамогі займалася прадпрыемства "Акадэмфарм".
Атрыманыя лекавыя сродкі будуць перададзены РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі ў адпаведнасці з планам размеркавання Міністэрства аховы здароўя Беларусі для пастаўкі ў лячэбныя ўстановы па ўсёй краіне. "Паміж "Акадэмфармам" і кампаніяй Cipla Limited заключаны кантракт на пастаўку анты-ВІЧ прэпаратаў на працягу 2020 года ў адрас Міністэрства аховы здароўя Беларусі", - растлумачылі ў прэс-службе.
НАН шмат гадоў актыўна супрацоўнічае з Cipla Limited. Дасягнута дамоўленасць аб лакалізацыі ў Беларусі вытворчасці эфектыўных і бяспечных лякарстваў для лячэння сацыяльна значных захворванняў: ВІЧ, гепатыту В і С, а таксама хваробы Альцгеймера і артэрыяльнай лёгачнай гіпертэнзіі.
Доктар Юсуф Хваджа Хамід з'яўляецца адным з вядучых індыйскіх вучоных і старшынёй праўлення кампаніі Cipla Limited, заснаванай у 1935 годзе яго бацькам. За межамі Індыі Юсуф Хваджа Хамід у першую чаргу вядомы тым, што імкнецца забяспечыць прэпаратамі для барацьбы са СНІДам і іншымі цяжкімі захворваннямі пацыентаў у многіх краінах свету. 16 лістапада 2017 года на сесіі Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ён быў аднагалосна вабраны ганаровым членам НАН.