20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія лякарствы для лячэння пнеўманіі і COVID-19 дастаўлены ў Кыргызстан, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
"У адпаведнасці з просьбай Кыргызстана беларускія вытворцы аператыўна разгледзелі запыт аб пастаўцы лекавых сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для лячэння пнеўманіі і COVID-19. У кароткія тэрміны быў падрыхтаваны груз з пяці найменняў лекавых сродкаў беларускай вытворчасці і адгружаны на борт прэм'ер-міністра Кыргызстана", - расказалі ў прэс-службе.
Увогуле пастаўлена амаль 30 тыс. упаковак лекавых сродкаў, у асноўным антыбіётыкі вытворчасці РУП "Белмедпрэпараты".
Прэм'ер-міністр Кыргызстана Кубатбек Баронаў 17 ліпеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам адзначыў поспехі Беларусі ў барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Ён лічыць, што беларускі вопыт у процідзеянні COVID-19 можа быць цікавы іншым краінам. Кубатбек Баронаў таксама звярнуў асаблівую ўвагу на высокую якасць медыкаментаў, якія вырабляюцца ў Беларусі.
На праведзенай 17 ліпеня сустрэчы прэм'ер-міністраў дзвюх краін беларускі бок выказаў гатоўнасць прадаставіць Кыргызстану пералік лекавых сродкаў беларускай вытворчасці, што выкарыстоўваюцца пры лячэнні пацыентаў з пнеўманіямі і COVID-19, і метадычныя рэкамендацыі па схемах лячэння.
Як адзначыў генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Кіруючая кампанія холдынга "Белфармпрам" Сяргей Казакевіч, арганізацыяй пастаўкі лекавых сродкаў займаўся холдынг па даручэнні беларускага ўрада.