24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Арэнбургскай і Курганскай абласцям Расійскай Федэрацыі, якія пацярпелі ад паводак. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 22 мая нумар 360, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці, Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну па нафце і хіміі, Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці, Гродзенскаму і Мінскаму аблвыканкамам даручана забяспечыць водпуск і афармленне матэрыяльных каштоўнасцей для аказання гуманітарнай дапамогі Арэнбургскай і Курганскай абласцям.
У пераліку для гуманітарнай дапамогі Арэнбургскай вобласці больш за 60 пазіцый. У іх ліку ветэрынарныя прэпараты, пасцельная бялізна, коўдры, ручнікі, нацельная бялізна, гаспадарчы інвентар, паўкамбінезоны з ботамі і іншае. У спісе для дапамогі Курганскай вобласці - мясныя кансервы, цукар, макароны, грэцкія крупы, коўдры, ручнікі, пледы, нацельная бялізна і гэтак далей.
Забяспечыць арганізацыю дастаўкі гуманітарнай дапамогі даручана Міністэрству па надзвычайных сітуацыях.
Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.
Як паведамлялася, паводка ў Арэнбургскай вобласці вясной гэтага года стала адной з самых маштабных у гісторыі рэгіёна. Быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча. Рэжым надзвычайнага становішча таксама быў уведзены ў Курганскай вобласці.