15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі 15 мая завяршаецца падача заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты, паведамляе БЕЛТА.
У складзе ініцыятыўнай групы павінна быць не менш за 100 чалавек. ЦВК разглядае пытанне аб яе рэгістрацыі ў пяцідзённы тэрмін з дня паступлення дакументаў.
Зарэгістраваная група зможа збіраць подпісы ў падтрымку вылучэння свайго кандыдата з 21 мая па 19 чэрвеня. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі зборшчыкі павінны быць у медыцынскіх масках і пальчатках.
Для таго каб вылучыцца ў Прэзідэнты, трэба сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.
Як паведамлялася, Палата прадстаўнікоў назначыла прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня. Паводле каляндарнага плана вылучэнне кандыдатаў пройдзе з 20 чэрвеня па 4 ліпеня, рэгістрацыя - з 5 па 14 ліпеня. Пасля гэтага стартуе перыяд перадвыбарнай агітацыі. Датэрміновае галасаванне на выбарах адбудзецца з 4 па 8 жніўня. Вынікі выбараў Цэнтрвыбаркам павінен падвесці не пазней за 19 жніўня,. Другі тур, калі ў ім будзе неабходнасць, у адпаведнасці з планам павінен прайсці не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін, гэта значыць 23 жніўня.