9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная выбарчая камісія адзначае актыўнасць галасавання на выбарах Прэзідэнта Беларусі, паведаміў намеснік старшыні ЦВК Вадзім Іпатаў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Лічу, што яна (яўка. - Заўвага БЕЛТА) актыўная. Тым больш, мы павінны ўлічваць, што датэрміновае галасаванне было некалькі дзён, а тут мы маем некалькі гадзін галасавання. Як правіла, у выхадны дзень людзі разварушваюцца - прачынаюцца, паціху пачынаюць ісці на выбарчыя ўчасткі. Сёння тэлеканалы паказваюць, што ўсюды чэргі, людзі вельмі актыўна ідуць", - адзначыў Вадзім Іпатаў.
Вялікая цікавасць да выбараў і на выбарчых участках за мяжой.
Што датычыцца зваротаў у ЦВК, то, як растлумачыў Вадзім Іпатаў, многія пытанні здымаюцца на месцах. Адно з частых - як прагаласаваць чалавеку, які знаходзіцца на дачным участку. "З 8.00 да 13.00 паступіла 198 званкоў. Калі гаварыць пра выбаршчыкаў, то гэта звычайная тэма - знайсці свой участак для галасавання. Хоць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі зрабіў адпаведны дадатак, і да пачатку электаральнага працэсу гэта інфармацыя прадастаўлялася. Разам з тым такія сітуацыі ўзнікаюць", - дадаў ён.
Ад наглядальнікаў у асноўным паступаюць пытанні, якія датычацца акрэдытацыі і прысутнасці на ўчастках. На цяперашніх выбарах акрэдытавана 53 868 наглядальнікаў. На папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах акрэдытавалі 43 572, а на парламенцкіх - 38 878 чалавек.-0-