2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сем чалавек падалі дакументы для рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты. Такая інфармацыя размешчана на сайце ЦВК, паведамляе БЕЛТА.
У паведамленні гаворыцца, што ў Цэнтрвыбаркам пададзены дакументы для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыкі, Андрэя Дзмітрыева, Ганны Канапацкай, Аляксандра Лукашэнкі, Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы, Сяргея Чэрачня.
Раней ЦВК абнародавала звесткі аб колькасці дакладных подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты: у Віктара Бабарыкі іх 165 744, у Андрэя Дзмітрыева - 106 841, у Ганны Канапацкай - 146 588, Аляксандра Лукашэнкі- 1 939 572. У Святланы Ціханоўскай - 104 757 подпісаў, у Валерыя Цапкалы - 75 249, у Сяргея Чэрачня - 143 109.
Збор подпісаў праходзіў з 21 мая па 19 чэрвеня. За гэты час ініцыятыўным групам прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду трэба было заручыцца падтрымкай не менш як 100 тыс. паўналетніх грамадзян Беларусі, якія маюць выбарчае права.
Дакладнасць подпісаў выбаркамы правяралі ў дзесяцідзённы тэрмін пасля здачы падпісных лістоў. З 20 чэрвеня па 4 ліпеня, на этапе вылучэння, патэнцыяльныя кандыдаты прадастаўляюць у ЦВК неабходныя для рэгістрацыі дакументы. Яна пройдзе з 5 па 14 ліпеня. Пасля гэтага стартуе перыяд перадвыбарнай агітацыі.
Як паведамлялася, Палата прадстаўнікоў назначыла прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня. Па каляндарным плане датэрміновае галасаванне на выбарах адбудзецца з 4 па 8 жніўня. Вынікі Цэнтрвыбаркам павінен падвесці не пазней за 19 жніўня. Другі тур, калі ў ім будзе неабходнасць, у адпаведнасці з планам павінен прайсці не пазней як у двухтыднёвы тэрмін, гэта значыць 23 жніўня.