9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парушэнняў у час галасавання на выбарах Прэзідэнта Беларусі не заўважана, паведаміў сёння ў Нясвіжы журналістам наглядальнік ад МПА СНД, намеснік старшыні Камітэта па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Федэрацыі РФ Аляксандр Башкін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вельмі важны фактар - адпаведнасць патрабаванням нацыянальнага выбарчага заканадаўства і міжнародным стандартам. Ні вялікіх, ні малых парушэнняў, разыходжанняў з патрабаваннямі заканадаўства і выбарчых стандартаў мы не сустрэлі, - сказаў Аляксандр Башкін. - Магу сказаць, што недахопаў на тых участках, якія бачыў, я не заўважыў".
Наглядальнік адзначыў святочны і пазітыўны настрой тых, хто прыходзіць аддаць свой голас, і членаў выбарчых камісій. Ён таксама звярнуў увагу на высокую яўку і актыўнасць выбаршчыкаў.
Аляксандр Башкін назваў пазітыўным момантам магчымасць галасаваць не толькі ў асноўны дзень выбараў, але і на працягу некалькіх дзён да яго. "Таму што галоўнае, да чаго павінны імкнуцца ўлада і грамадства, арганізуючы выбарчы працэс, гэта зручнасць для выбаршчыкаў. Некалькі дзён галасавання, вядома, такую зручнасць павышаюць", - лічыць ён.