4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У кожнага чалавека, хто мае права голасу, павінна быць магчымасць прыняць удзел у выбарах. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў сёння ўвагу, сустракаючыся са старшынямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, памочнікамі па абласцях і Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У кожнага чалавека, хто мае права голасу, павінна быць магчымасць прыняць удзел у выбарах. Асабліва паглядзіце за старымі людзьмі, інвалідамі. Ёсць яшчэ і людзі, якія хварэюць на каранавірус, трэба дапамагчы ім прагаласаваць, каб яны маглі зрабіць свой выбар", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што на гэту электаральную кампанію акрэдытавана рэкордная колькасць наглядальнікаў - больш за 45 тыс. "Ёсць і замежныя. Трэба акружыць іх у добрым сэнсе слова клопатам, таму што гэта людзі гераічныя: яны не пабаяліся ў пандэмію прыехаць у Беларусь з-за мяжы, нават няхай з Расіі, Украіны. Не пабаяліся, прыехалі, каб паглядзець, як ідуць нашы выбары. Таму да іх трэба адпаведнае стаўленне", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выбары пройдуць у строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і выключна ў інтарэсах беларускага народа. "Калі ў кагосьці іншыя чаканні, то дарэмна. Беларускія законы, беларускі народ - гэта галоўнае", - дадаў ён.