22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выкананне канстытуцыйнай законнасці - неабходная ўмова дзеянняў усіх грамадска-палітычных сіл на выбарах. Аб гэтым сёння журналістам заявіў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У дэмакратычнай дзяржаве ў аснове балансу канстытуцыйных каштоўнасцей, прыватных і публічных інтарэсаў знаходзіцца прынцып узаемнай адказнасці грамадзян, дзяржавы і іншых суб'ектаў грамадскіх адносін. "Цяпер у перыяд выбараў Прэзідэнта выкананне рэжыму канстытуцыйнай законнасці з'яўляецца неабходнай умовай дзеянняў усіх грамадска-палітычных сіл і грамадзян для забеспячэння кансалідацыі грамадства і яго бяспечнага, устойлівага развіцця", - падкрэсліў Пётр Міклашэвіч.
Справядлівы баланс інтарэсаў, дасягненне мэт выбарчага працэсу забяспечваецца дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі, якія належным чынам прымаюць меры для рэалізацыі і абароны правоў і свабод асобы. Яшчэ адной неабходнай умовай Пётр Міклашэвіч назваў няўхільнае выкананне грамадзянамі канстытуцыйна-прававых абавязкаў, выказванне канструктыўнай грамадзянскай актыўнасці на карысць грамадства. Ён падкрэсліў ,што "давер грамадзян да ўлады, высокі ўзровень прававой культуры і канстытуцыйнага патрыятызму ператварае канстытуцыйныя заканадаўчыя нормы ў рэальна дзеючы інструмент дэмакратыі".
Асноўныя прынцыпы дэмакратычнай дзяржавы замацаваны на канстытуцыйным узроўні. Гэта прызнанне народа крыніцай улады і суверэнітэту, існаванне прававой дзяржавы, выбарнасць асноўных органаў, палітычны плюралізм. Пётр Міклашэвіч не выключыў развіцця асобных палажэнняў Канстытуцыі ў гэтай частцы. "Праз некаторы час будзе праводзіцца больш актыўная работа па змяненні Канстытуцыі, тады, магчыма, некаторыя палажэнні, звязаныя з выбарчай сістэмай, з пераразмеркаваннем паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі органамі, і іншыя моманты будуць удакладнены", - сказаў ён.