24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыяльны каардынатар місіі АБСЕ, намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд па выніках візіту ў Беларусь выказаў удзячнасць беларускім уладам за цеснае супрацоўніцтва з наглядальнікамі АБСЕ, паведамілі БЕЛТА ў ПА АБСЕ.
"Я ўдзячны беларускім уладам за іх своечасовае запрашэнне і цеснае супрацоўніцтва з наглядальнікамі АБСЕ. Гэта выбарчая кампанія з'яўляецца паваротным момантам для Беларусі", - заявіў Кент Харстэд.
У Мінску 21 і 22 верасня прайшлі сустрэчы Харстэда з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай, з членамі дэлегацыі Беларусі ў ПА АБСЕ, якую ўзначальвае намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі. Спецыяльны каардынатар сустракаўся і з членамі доўгатэрміновай місіі БДІПЧ АБСЕ, а таксама з лідарамі апазіцыі. Акрамя таго, ён наведаў Гомель, дзе прайшлі сустрэчы са старшынёй гарвыканкама Пятром Кірычэнкам, з членамі мясцовага выбаркама, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
Харстэд таксама адзначыў, што трэба прадаставіць усім грамадзянам аднолькавыя магчымасці ўдзелу ва ўсіх этапах выбарчай кампаніі.
Як удакладнілі ў ПА АБСЕ, Харстэд узначаліць работу прыкладна 450 кароткатэрміновых наглядальнікаў, уключаючы каля 50 парламентарыяў з 22 краін. Яны будуць працаваць у дзень галасавання па ўсёй краіне.