5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікі экзітполаў на выбарах Прэзідэнта Беларусі плануецца аб'явіць 11 кастрычніка ў 20.30, паведаміла сёння кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў праграме "Актуальны мікрафон" на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што на базе інфармацыйнага цэнтра, які будзе працаваць у Палацы Рэспублікі 11 кастрычніка, кожныя дзве гадзіны будуць праходзіць прэс-канферэнцыі старшыні Цэнтрвыбаркама. Па выніках дня галасавання будуць аб'яўлены два цікавыя вынікі, якія, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, прыблізна падвядуць вынік галоўнай электаральнай падзеі. "У 20.30 аб'явіць вынікі экзітполаў кампанія, якая будзе прызнана асноўнай па іх правядзенні ў нашай краіне. Адначасова я аб'яўлю аб даных так званых закрытых участкаў для галасавання, дзе падлік галасоў завершыцца яшчэ днём. Гэта воінскія часці і бальніцы з санаторыямі", - расказала яна. Лідзія Ярмошына таксама звярнула ўвагу, што даныя гэтых участкаў і, асабліва, бальніц, дзе праходзяць лячэнне ўсе слаі насельніцтва, заўсёды прыкладна паказваюць той самы працэнт галасоў, які дасць потым іх падлік па ўсіх выбарчых участках.
Раней старшыня Цэнтрвыбаркама адзначала, што правядзенне экзітполаў у дзень выбараў - традыцыйная для Беларусі практыка. Пры гэтым ЦВК не заказвае іх правядзенне і не ўмешваецца ў гэты працэс. "Для гэтага трэба атрымаць адпаведную акрэдытацыю ў камісіі, якая ўтворана пры Савеце Міністраў, працуе на базе Нацыянальнай акадэміі навук", - растлумачыла Лідзія Ярмошына. Прэтэндэнты на правядзенне экзітполаў павінны абавязкова прадставіць доказы таго, што члены каманды прафесійна валодаюць методыкай правядзення сацыялагічных апытанняў. Тыя, хто праводзіць апытанні, павінны мець адпаведныя бэйджы і дакументы.
Цяпер для правядзення апытанняў па прэзідэнцкіх выбарах і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне акрэдытаваны шэсць сацыялагічных структур.