Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прэзідэнцкія выбары-2015

Прэзідэнцкія выбары-2015 у Беларусі

5 Жнв 2015

ВЫБАРЫ-2015: Як ідзе кампанія па зборы подпісаў

ВЫБАРЫ-2015: Як ідзе кампанія па зборы подпісаў

Кампанія па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі практычна ўжо дасягнула апагею. Многія суайчыннікі паспелі пакінуць свой аўтограф у падпісных лістах, а некаму яшчэ трэба будзе пазнаёміцца з членамі ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў. Практычна ва ўсіх людных месцах сталіцы і ў рэгіёнах працуюць пікеты, вечарам зборшчыкаў подпісаў нярэдка можна сустрэць і на парозе сваёй кватэры. Карэспандэнты БЕЛТА пацікавіліся, як ідуць справы ў патэнцыяльных кандыдатаў і іх ініцыятыўных груп.

Такім чынам, у лідарах выбарчай гонкі ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік ініцыятыўнай групы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда паведаміў, што на гэты момант ужо сабрана больш як 500 тыс. подпісаў, а адпаведныя падпісныя лісты здадзены ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

"Інтарэс да выбараў у беларусаў ёсць, ён даволі вялікі, - адзначыў Міхаіл Орда. - Гэта людзі абсалютна розных узростаў: моладзь, рабочыя, служачыя, пенсіянеры. Сёння выбарамі цікавяцца ўсе ўзроставыя катэгорыі. І актыўнасць не спадае, а ўзрастае. Характэрна, што людзі не толькі ставяць подпісы, але і дзеляцца думкамі, выказваюць прапановы, заўвагі".

Міхаіл Орда таксама дадаў, што, нягледзячы на вялікую колькасць сабраных подпісаў, ініцыятыўная група прадоўжыць работу, каб усе грамадзяне маглі рэалізаваць канстытуцыйнае права на вылучэнне свайго кандыдата.

На другім месцы па колькасці сабраных подпісаў на гэты момант знаходзіцца ініцыятыўная група Сяргея Гайдукевіча. Кіраўнік групы Алег Гайдукевіч расказаў карэспандэнту БЕЛТА, што, паводле даных на чацвер 30 ліпеня, сабрана 55 тыс. подпісаў. "Заўтра мы падводзім вынікі яшчэ аднаго тыдня. Па лічбах кіраўнікі штабоў на месцах падлічаць. Мы плануем выйсці да канца тыдня на 85 тыс. А да 15 жніўня, як і планавалі загадзя, здаць 120 тыс. подпісаў".

"Усё ідзе па графіку, ніякіх пытанняў няма, і мы задаволены тым, як ідзе выбарчая кампанія", - адзначыў субяседнік.

У ініцыятыўнай групе Віктара Цярэшчанкі расказалі, што па стане на 4 жніўня ўдалося сабраць больш як 52 тыс. подпісаў, аднак у гэтай лічбе не ўлічана работа членаў групы ў рэгіёнах. "На наступным тыдні мы плануем абагульніць вынікі, прагнозы аптымістычныя. Збор подпісаў праходзіць добра, Мінск наогул выдатны для гэтага горад. Па рэгіёнах таксама няма заўваг", - звярнуў увагу кіраўнік ініцыятыўнай групы Алег Несцяркоў.

Паводле яго слоў, на пікетах зборшчыкі подпісаў не заўважаюць негатыўна настроеных людзей. "Ёсць нейкія заўвагі або прапановы, але злосці няма", - дадаў ён.

У падтрымку лідара Беларускай патрыятычнай партыі Мікалая Улаховіча сабрана каля 47 тыс. подпісаў. Кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата Міхаіл Образаў адзначыў, што з кожным днём грамадзяне становяцца больш актыўнымі і праяўляюць усё большы інтарэс. "Мы чакаем, што пік па колькасці сабраных подпісаў будзе пасля 10 жніўня, калі людзі актыўна пачнуць вяртацца з водпускаў. Да прадстаўнікоў улад у нас таксама няма ніякіх пытанняў, толькі ўдзячнасць, што сапраўды ўсё праходзіць спакойна", - заўважыў субяседнік.

За вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Таццяны Караткевіч, паводле апошніх даных, сабрана каля 43 тыс. подпісаў, аднак падпісныя лісты ў тэрытарыяльныя выбаркамы пакуль не здавалі, паведаміў БЕЛТА кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Андрэй Дзмітрыеў.

Паводле слоў лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, яго ініцыятыўнай групе на пікетах удалося сабраць каля 30 тыс. подпісаў. "Але да гэтай колькасці яшчэ неабходна дабавіць подпісы, сабраныя членамі ініцыятыўнай групы пры пакватэрным абходзе", - растлумачыў ён. Сам палітык актыўна ўдзельнічае ў пікетах на рынках і заводах, дзе праводзіць сустрэчы з прадпрымальнікамі і рабочымі.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні Сяргея Калякіна кандыдатам у прэзідэнты Валерый Ухналёў расказаў, што па стане на 3 жніўня ўдалося сабраць каля 30 тыс. подпісаў. "У Цэнтрвыбаркам мы пакуль не плануем іх здаваць", - растлумачыў ён.

Патэнцыяльны кандыдат у прэзідэнты Жанна Раманоўская пакуль не агучвае колькасць сабраных подпісаў. Яна лічыць, што на гэтым этапе на першым месцы павінна быць актыўная работа па іх збору. "Мне цяжка збіраць подпісы толькі ў тым плане, што я не такая вядомая, як іншыя кандыдаты. Але калі я пачынаю размаўляць з людзьмі, то бачу, што яны сімпатызуюць мне. Вядома, даводзіцца сутыкацца і з такімі грамадзянамі, якія лічаць, што пастаўлены подпіс - гэта ўжо галасаванне на выбарах. Даводзіцца тлумачыць ім, што гэта зусім не так", - адзначыла Жанна Раманоўская.

Усяго Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы прадоўжыцца да 21 жніўня ўключна.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі