9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць адкрыта і без вялікага напалу. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказала часовы павераны ў справах Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Марыя Антонія Кабеса Авіла, якая акрэдытавана ў якасці наглядальніка за выбарамі Прэзідэнта Беларусі.
"Гэта мой першы вопыт у якасці наглядальніка. Ход выбарчай кампаніі я ацэньваю станоўча. Яна праходзіць адкрыта, у спакойнай абстаноўцы, без вялікага напалу. Ва ўсякім разе, калі параўноўваць з кампаніяй па выбарах прэзідэнта ў Венесуэле, розніца вельмі адчувальная. У нас яна больш шумная, эмацыянальная, з гучнай музыкай. Друкуецца вялікая колькасць агітацыйных матэрыялаў. Плакаты і лістоўкі распаўсюджваюцца паўсюдна, імі абклеены ўсе вуліцы, вельмі шмат мітынгаў, пікетаў, дэманстрацый. У Беларусі ў гэтым сэнсе ўсё больш строга рэгламентавана і кантралюема, мала вулічных акцый, але ў той жа час забяспечаны шырокі доступ да ўсёй неабходнай інфармацыі, якая датычыцца выбараў", - сказала Марыя Антонія Кабеса Авіла.
Яна адзначыла, што беларускія сродкі масавай інфармацыі шырока асвятляюць ход выбарчай кампаніі, а зарэгістраваныя кандыдаты вядуць перадвыбарную агітацыю ў адпаведнасці з нормамі выбарчага заканадаўства Беларусі. "Мяне радуе, што сярод кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта ёсць і адна жанчына. У нас у Венесуэле колькасць жанчын у вышэйшых эшалонах улады павялічваецца. Гэта сведчыць аб змяненні ролі жанчын у сучасным свеце", - дадала часовы павераны.
Акрамя таго, дыпламат расказала, што гэтыя прэзідэнцкія выбары выклікалі ў яе інтарэс, паколькі яна жыве і працуе ў Беларусі і ёй неабыякава, што тут адбываецца. "Мне цікава знаёміцца з рознымі аспектамі жыцця краіны, паколькі паміж Беларуссю і Венесуэлай ужо даўно ўстанавіліся цесныя братэрскія, палітычныя, гандлёвыя адносіны", - рэзюмавала Марыя Антонія Кабеса Авіла.