16 верасня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Трэба цаніць і прымнажаць багацці, створаныя ў Беларусі за перыяд суверэннай дзяржавы. Такое меркаванне, каменціруючы ход выбарчай кампаніі, выказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Валюшыцкі.
"Пачаўся перыяд перадвыбарнай агітацыі. На гэтым этапе як ніколі важна ўмець расстаўляць прыярытэты. Думаю, што, параўноўваючы жыццё ў многіх нашых сумежных дзяржавах, усе шчаслівыя ад таго, што ў нас мір і яснае неба над галавой. Я лічу, што гэта вялікая наша каштоўнасць. І, увогуле, кожны, прымаючы рашэнне на выбарах, павінен цаніць тое, што ў нас створана ў суверэннай Беларусі за апошнія 20 гадоў. Сёння Беларусь - дастойная краіна, дастойная дзяржава. І мы павінны старацца прымнажаць багацці, якія напрацавалі за перыяд суверэннай дзяржавы", - сказаў парламентарый.
Гаворачы аб формах і метадах перадвыбарнай агітацыі, Віктар Валюшыцкі адзначыў, што яму больш даспадобы індывідуальная работа з выбаршчыкамі. "Калі абмяркоўвалася пытанне аб тым, каб забараніць заканадаўча збор подпісаў па кватэрах, асабіста я выступіў супраць, таму што лічу, што гэта было б няправільна. Наадварот, пры абходзе кватэр ёсць магчымасць прамога кантакту з выбаршчыкамі. Людзі выказваюць свае пажаданні, захапленні або незадаволенасць той ці іншай падзеяй. Размова дае вялікую пажыву для разваг, дапамагае ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў", - агучыў свой пункт гледжання дэпутат.
Цяпер парламентарыі праводзяць работу ў выбарчых акругах - сустракаюцца з выбаршчыкамі па месцы жыхарства, у працоўных калектывах, праводзяць прыёмы грамадзян. Адначасова ідзе падрыхтоўка да асенняй сесіі, якая адкрыецца 2 кастрычніка. Паводле слоў старшыні пастаяннага камітэта, дэпутатам трэба разгледзець вялікі пласт эканамічных пытанняў. "У нашай камісіі ідзе падрыхтоўка найбольш значных законапраектаў. Гэта праект аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, які плануецца разгледзець у першым чытанні. Наперадзе яшчэ прыняцце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучы год і будучую пяцігодку, прыняцце бюджэту. Плануем таксама прыняць законапраект аб індыкатыўным планаванні. Словам, ідзе спланаваная работа", - рэзюмаваў Віктар Валюшыцкі.