17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Датацыі на аплату паслуг ЖКГ у Беларусі трэба захаваць, заявіў 17 верасня кандыдат на пасаду Прэзідэнта Беларусі Мікалай Улаховіч на сустрэчы з выбаршчыкамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Датацыі ў ЖКГ трэба пакінуць, таму што ў грамадстве ёсць слаі, якія не могуць плаціць поўную цану. А тыя, хто можа плаціць поўную, няхай плацяць", - сказаў Улаховіч.
Гаворачы аб будаўніцтве жылля, Мікалай Улаховіч адзначыў, што варыянт з іпатэкай для Беларусі не падыходзіць. "Іпатэка прадугледжвае ўстойлівую валюту", - сказаў кандыдат. Аднак ён лічыць, што можна прадаўжаць выдаваць ільготныя крэдыты. Акрамя таго, правільны ход - арэнднае жыллё.
Мікалай Улаховіч заявіў, што ў Беларусі рэальная цана за метр жылля ў тры разы ніжэйшая за тую, якую выстаўляюць. У той жа час, на яго думку, элітнае жыллё наадварот павінна быць даражэйшым у пяць разоў, каб "не было падставы даваць хабар чыноўнікам".
Кандыдат заявіў, што выступае супраць ураўнілаўкі ў зарплатах: "Павінен быць каэфіцыент працоўнага ўдзелу". Гаворачы аб кадравай палітыцы, Улаховіч дадаў: "Паглядзіце на заходні свет. Толькі прафесіяналізм чалавека вызначае яго месца ў грамадстве".
Таксама ён адзначыў, што выступае за разумныя рэформы. Улаховіч дадаў, што такія прадпрыемствы, як дывановыя камбінаты ў Брэсце і Віцебску трэба закрыць або перапрафіляваць. На яго думку, дываны могуць вырабляць дзве майстэрні, а не цэлыя камбінаты.
"Мой кумір - Аляксей Касыгін", - таксама заявіў кандыдат. Пры гэтым Улаховіч адзначыў, што Касыгін быў у першую чаргу гаспадарнік, а потым палітык.
"З гэтых выбараў не трэба рабіць цырк і балаган", - заявіў кандыдат, гаворачы аб прадстаўніках апазіцыі. Успамінаючы аб сустрэчах з беларускімі апазіцыйнымі лідарамі, Улаховіч сказаў, што некаторыя з іх не цікавяцца нічым, акрамя як "з міліцыяй пабіцца і кроў атрымаць".
Улаховіч падкрэсліў, што трэба ісці на выбары і галасаваць. "Якая б ні была пазіцыя: супраць або за, але гэта пазіцыя асобы", - заўважыў ён.
Закрануў кандыдат і тэму ўкраінскага крызісу. "У мяне восем казакоў зрабілі сотню нябесную, я іх адразу выключыў з казацтва. Тыя, якія ў ЛНР і ДНР захацелі, я іх таксама...", - сказаў ён.
Закранаючы тэму двухмоўя, якое склалася ў Беларусі, Улаховіч заявіў, што трэба не моднічаць, паказваючы веданне беларускай мовы, а развіваць яе і літаратуру. Пры гэтым ён адзначыў, што тыя беларусы, якія хочуць аддзяліць беларускую культуру ад рускай, абядняюць нацыянальную культуру. "Ну як мы можам цяпер раздзяліць тры гэтыя народы (беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. - Заўвага БЕЛТА), тры галіны? Што мы будзем рабіць без Льва Талстога і гэтак далей?" - сказаў ён.