25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна сумясціць бясплатную медыцыну з платнай, заявіў сёння кандыдат у Прэзідэнты Мікалай Улаховіч у сваім радыёзвароце да выбаршчыкаў, паведамляе БЕЛТА.
"Мы заўсёды заўважаем, што ў нас бясплатная ахова здароўя і пачынаем наводзіць свае парадкі. На самай справе я хачу сказаць, што, можа, тут трэба сумясціць платную і бясплатную медыцыну", - сказаў кандыдат.
Мікалай Улаховіч дадаў: "Хто, магчыма, сам асабіста зможа плаціць за сваё лячэнне, той будзе дапамагаць астатнім - менш сацыяльна забяспечаным слаям. Гэта дало б магчымасць павысіць і зарплату ўрачам". Пры гэтым ён лічыць, што павелічэнне зарплаты - не адзіны напрамак, які зможа зрабіць сістэму аховы здароўя больш эфектыўнай. "Толькі адна зарплата не вырашае гэтых пытанняў. Па-першае, трэба будаваць добрыя лячэбныя цэнтры. Асобныя такія ўжо існуюць", - сказаў кандыдат.
Ён падкрэсліў, што гэтыя цэнтры трэба аснашчаць сучасным абсталяваннем, і на такой базе можна будзе падрыхтаваць кваліфікаваных урачоў.
Акрамя таго, у сённяшнім звароце Улаховіч адзначыў, што краіне патрэбны рэформы, але прадуманыя і паступовыя.