25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кожны грамадзянін Беларусі павінен ісці на выбары, заявіў сёння кандыдат у Прэзідэнты Мікалай Улаховіч у сваім радыёзвароце да выбаршчыкаў, паведамляе БЕЛТА.
"Кожны грамадзянін, які пойдзе цяпер на выбары, павінен разумець, што выконвае свой канстытуцыйны абавязак. Ён абавязаны пайсці. Няхай ён выкажа свой пункт гледжання: "за" або "супраць". На выбары ён пайсці павінен", - сказаў Мікалай Улаховіч.
Кандыдат дадаў, што, калі выбаршчык не ідзе на выбары, то размова ідзе аб вяласці, якая не мае ніякага дачынення да талерантнасці. "Наогул нейкае ўяўленне аб самім беларусе, якое складваецца, мяркую, і на Захадзе, і ў Расіі... Вось ён такі талерантны, вялы, неактыўны. Лічу, што гэта далёка не так. Я бачыў нашых, маіх саратнікаў - беларусаў, якія працавалі і за межамі нашай Радзімы, у Расіі. Іх заўсёды цанілі як адных з лепшых спецыялістаў, як людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй", - сказаў ён.
Улаховіч выказаў упэўненасць, што кожны грамадзянін прыйдзе на выбарчы ўчастак. Ён дадаў, што пэўныя сілы спадзяюцца, што гэтага не адбудзецца, і хочуць зрабіць з гэтых выбараў "зусім іншую карцінку". Кандыдат раскрытыкаваў такія апазіцыйныя сілы. Ён адзначыў, што тыя, хто гавораць, што ў Беларусі няма выбараў, глыбока памыляюцца. Палітык дадаў, што "беларуская апазіцыя - гэта нацпатрыёты, за якімі няма народа". "У іх няма канструктыўнасці. Яны не могуць да сённяшняга дня выбраць адзінага кандыдата для сябе", - сказаў ён.