26 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Участковыя выбарчыя камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі ўтвораны ў Расіі на ўсіх чатырох участках для галасавання. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.
"Згодна з артыкуламі 34, 35 і 37 Выбарчага кодэкса Беларусі ўчастковыя камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь утвораны ў гарадах Масква, Санкт-Пецярбург, Калінінград, Растоў-на-Доне", - праінфармавалі ў прэс-службе.
У склад камісіі ў Маскве ўключаны 16 чалавек, у Санкт-Пецярбургу - 4, Калінінградзе - 5, у Растове-на-Доне - 6 чалавек. Усе члены камісій вылучаны ў іх склад групамі грамадзян шляхам падачы заяў.
У пасольстве падкрэслілі, што прагаласаваць на ўчастках у Расіі могуць грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Расіі. Прыняць удзел у выбарах на ўсіх чатырох участках можна ў перыяд датэрміновага галасавання з 6 па 10 кастрычніка ўключна (з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін), а таксама ў асноўны дзень галасавання - 11 кастрычніка (з 8 да 20 надзін). Пры сабе неабходна мець дакументы, якія засведчваюць асобу і пацвярджаюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь.