5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Цэнтрвыбаркам Беларусі паступілі дакументы пяці прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду Прэзідэнта, паведамляе БЕЛТА.
Дакументы для рэгістрацыі падалі Таццяна Караткевіч, Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч. 5 верасня былі прадстаўлены дакументы дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Таксама дакументы прадставіў Віктар Цярэшчанка, якому, аднак, не ўдалося сабраць неабходныя 100 тыс. дакладных подпісаў.
Аб тым, што фактычна да этапу рэгістрацыі падышлі чатыры патэнцыяльныя кандыдаты, стала вядома пасля апублікавання вынікаў праверкі падпісных лістоў. Колькасць дакладных подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі склала 1 753 380 (было здадзена 1 761 145), Мікалая Улаховіча - 149 819 (здадзена 159 805), Сяргея Гайдукевіча - 139 877 (здадзена 141 842), Таццяны Караткевіч - 105 278 (здадзена 107 299).
Як паведамлялася раней, ініцыятыўныя групы Віктара Цярэшчанкі здалі для праверкі 130 404 подпісы, аднак дакладнымі з іх аказаліся толькі 6 699. Зрэшты, як растлумачыла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, у Цярэшчанкі можа быць і больш сапраўдных подпісаў, аднак законам устаноўлена спецыяльная працэдура праверкі - ёсць пэўны працэнтны парог несапраўдных аўтографаў, пасля перавышэння якога ўсе подпісы, сабраныя па гэтым рэгіёне, не ўлічваюцца. У выпадку з Цярэшчанкам многія з подпісаў з'яўляюцца фіктыўнымі або выкананымі ад неіснуючых асоб. "Гэта сведчыць аб тым, што ў шэрагу рэгіёнаў члены ініцыятыўнай групы не збіралі подпісы, а падроблівалі, і частка падпісных лістоў з такімі подпісамі была прадстаўлена ў выбарчыя камісіі", - пракаменціравала сітуацыю кіраўнік ЦВК.
Наступным важным этапам выбарчай кампаніі стане рэгістрацыя кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду - ЦВК плануе правесці яе 10 верасня, каб з 11 верасня пачаўся паўнацэнны перыяд перадвыбарнай агітацыі і прапаганды. Акрамя публікацыі сваіх праграм у друкаваных СМІ, кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы змогуць бясплатна выступіць на тэлеканале "Беларусь 1" з 14 па 25 верасня (з 19.00 да 20.00). Акрамя таго, для кандыдатаў адводзіцца час на радыё - у рабочыя дні з 21 верасня па 2 кастрычніка (з 6.10 да 7.10).
Тэледэбаты пройдуць 3 кастрычніка, парадак іх правядзення вызначае Белтэлерадыёкампанія.