17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Цэнтральную камісію Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прадстаўлены дакументы аб рэгістрацыі дзесяці ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Адпаведная інфармацыя размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама, паведамляе БЕЛТА.
16 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам па пошце былі дастаўлены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Заблоцкага Сяргея Віктаравіча. Акрамя таго, у гэты ж дзень перадалі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Ірыны Першынай (кіраўнік ініцыятыўнай групы Марыя Храмцова), Жанны Раманоўскай (кіраўнік ініцыятыўнай групы Яўген Напорка), Мікалая Статкевіча (кіраўнік ініцыятыўнай групы Марына Адамовіч). Таксама 16 ліпеня былі перададзены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Андрэя Канаўца. Кіраўнік яго ініцыятыўнай групы - Дзмітрый Піліпчук. Паступілі дакументы аб стварэнні групы па вылучэнні Таццяны Караткевіч. Ініцыятыўную групу ўзначаліць Андрэй Дзмітрыеў. Яшчэ адзін пакет дакументаў, які перададзены 16 ліпеня ў ЦВК, датычыцца стварэння групы па вылучэнні Анатоля Лябедзькі. Кіраўнік групы - Віктар Карнеенка.
Раней, 14 ліпеня, былі пададзены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі. У якасці кіраўніка групы выступіў Міхаіл Орда. 15 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам паступілі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні Сяргея Калякіна. Кіраўнік яго групы - Валерый Ухналёў. Пасля былі пададзены дакументы аб рэгістрацыі групы па вылучэнні Сяргея Гайдукевіча. Кіраўнік групы - Анатоль Хішчанка.
Цэнтрвыбаркам правядзе сёння пасяджэнне, на якім, як чакаецца, будзе вырашацца пытанне аб рэгістрацыі гэтых груп або іх часткі. У адпаведнасці з заканадаўствам ЦВК павінен прымаць такія рашэнні на працягу пяці дзён пасля падачы дакументаў па стварэнні ініцыятыўнай групы. Цэнтральная камісія адмаўляе ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, калі парушаны палажэнні Выбарчага кодэкса. Права абскарджання адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы належыць таму, хто прэтэндуе стаць кандыдатам. Гэта скарга падаецца ў Вярхоўны суд у трохдзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння аб адмове.