23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створаны 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Аб гэтым 22 ліпеня ў спецыяльным відэазвароце, урывак з якога быў паказаны ў эфіры навін тэлеканала "Беларусь 1", заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, паведамляе БЕЛТА.
"Створаны тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў асноўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках. Так, створана 153 тэрытарыяльныя камісіі: раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах, абласныя, Мінская гарадская тэрытарыяльныя камісіі", - сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі будуць працаваць кожны рабочы дзень да 19.00, а ў суботу - з 10.00 да 14.00. "Выбаршчыкі, у якіх ёсць пытанні, заўвагі, скаргі наконт работы ініцыятыўных груп, а таксама асобы, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты, маюць права звяртацца ў тэрытарыяльныя камісіі ў названы рабочы час і выказваць свае прэтэнзіі, прапановы і заўвагі", - адзначыла кіраўнік ЦВК.