24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЦВК Беларусі акрэдытавала амаль 500 замежных наглядальнікаў для маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама, паведамляе БЕЛТА.
У прыватнасці, больш як 300 наглядальнікаў прадстаўляюць місію Садружнасці Незалежных Дзяржаў (у тым ліку МПА СНД). Ад БДІПЧ АБСЕ акрэдытавана больш як 80 наглядальнікаў, ад ПА АБСЕ - амаль 70. Выбарчыя органы замежных дзяржаў прадстаўляюць 19 чалавек, ПАСЕ - 9. Яшчэ 5 з тых, хто атрымаў акрэдытацыю, з'яўляюцца незалежнымі наглядальнікамі.
Акрамя таго, павялічваецца колькасць нацыянальных наглядальнікаў - па стане на 21 верасня камісіямі па выбарах Прэзідэнта іх акрэдытавана больш як 18 тыс. У тым ліку гэта грамадзяне шляхам падачы заяў (2 574) і прадстаўнікі працоўных калектываў (479). Сваіх наглядальнікаў (1 307) накіравалі палітычныя партыі: Беларуская аграрная партыя, Беларуская партыя "Зялёныя", Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, партыя БНФ, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя і інш.
Што датычыцца іншых грамадскіх аб'яднанняў, то РГА "Белая Русь" накіравала для работы на галоўнай электаральнай падзеі 2 445 наглядальнікаў, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі - 2 763, Беларускі саюз жанчын - 1 181, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў - 2 111, Беларускі Хельсінкскі камітэт - 43, БНФ "Адраджэнне" - 2, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі - 4 139. Іншыя грамадскія аб'яднанні акрэдытавалі яшчэ больш як 1 тыс. прадстаўнікоў.
Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.