29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыняць удзел у маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах гатовы больш як 70 працэнтаў грамадзян Беларусі. Такія даныя апытання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, агучыў дырэктар цэнтра Давід Ротман у тэлевізійнай праграме "Галоўны эфір" 28 чэрвеня, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта лічба даволі адносная, але больш як 70 працэнтаў гатовы прыняць удзел у выбарах. Хутчэй за ўсё так і будзе. Гэта даволі вялікі працэнт на сённяшні дзень. У далейшым ён можа ўзрастаць. Можна ўжо цяпер займацца прагнозамі, і яны будуць даволі дакладныя", - сказаў сацыёлаг.
Ён адзначыў, што суадносіны ацэнкі ўлады і апазіцыі рэспандэнтамі разыходзяцца дыяметральна процілегла. "Мы разлічваем гэта ў інтэрвале ад мінус 1 да плюс 1 у балах. Узровень даверу да ўлады каля 0,5, бліжэй да адзінкі, а да апазіцыі - мінус 0,5, гэта велізарная розніца", - пракаменціраваў Давід Ротман.
Паводле яго слоў, сітуацыя ва Украіне ўплывае на павышэнне даверу да дзеючай улады. "Гэта адназначна, таму што наша краіна робіць усё магчымае, каб нейкім чынам дапамагчы пераадолець украінцам гэтыя праблемныя сітуацыі. Гэта вельмі пазітыўна", - падкрэсліў сацыёлаг.
Давід Ротман паведаміў, што ў ходзе апытання рэспандэнтам была зададзена наступная пазіцыя - што вы зробіце, калі сітуацыя ў краіне будзе пагаршацца? У адказах на гэта пытанне беларусы прадэманстравалі высокі ўзровень свядомага падыходу да вырашэння розных праблем. Амаль палавіна апытаных адказалі, што будуць вырашаць праблемы самастойна, крыху менш за палавіну будуць чакаць лепшых часоў. Паказчык па пазіцыі "падтрымаю змену ўлады ўзброеным шляхам" - нуль. "Гэта значыць, што ніякага значнага ўзроўню агрэсіўнасці ў паводзінах нашых людзей няма і не будзе, а значыць, у нас не можа быць ніякіх каляровых рэвалюцый. Весці аб гэтым размову не даводзіцца", - рэзюмаваў Давід Ротман.
Беларусы, нягледзячы на цяжкасці, захоўваюць даволі высокую ступень аптымізму. Паводле слоў сацыёлага, грамадзяне падкрэсліваюць, што "жыццё цяпер не такое ўжо і дрэннае".