11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Правядзенне экзітполаў на выбарах Прэзідэнта Беларусі адпавядае ўсім сусветным стандартам. Аб гэтым паведаміў сёння ў эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ дырэктар Інстытута параўнальных сацыяльных даследаванняў "Еўразійскі барометр", доктар палітычных навук Крысціян Херпфер, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мае калегі з міжнароднай каманды пацвярджаюць, што ўсе інтэрв'юеры, якія працавалі на ўчастках, выконвалі ўсе правілы і інструкцыі. Таму якасць правядзення экзітполаў адпавядае сусветным стандартам. Не было зарэгістравана ніякага парушэння міжнародных правіл", - падкрэсліў Крысціян Херпфер.
Паводле яго слоў, больш як 900 інтэрв'юераў, якія працавалі на ўчастках, прайшлі спецыяльны адбор і падрыхтоўку. "Я магу рэзюмаваць, што гэта была аб'ектыўная навуковая працэдура. Не было зафіксавана ніводнага выпадку, калі інтэрв'юер адхіляўся б ад правіл, што магло паўплываць на аб'ектыўнасць атрыманых вынікаў, на аб'ектыўнасць працэдуры", - адзначыў ён.
Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў "Еўразійскі барометр" праводзіць апытанні ў Беларусі з 1994 года. Гэта міжнародная некамерцыйная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Вене (Аўстрыя).
Інстытут складаецца з навукова-даследчых арганізацый і асобных даследчыкаў, якія працуюць у 25 краінах. Асноўнай мэтай работы сацыёлагаў з'яўляецца маніторынг грамадскай думкі ў кантэксце палітычных, сацыяльных і эканамічных пераўтварэнняў у краінах посткамуністычнай Еўропы і постсавецкай Еўразіі. Геаграфічны мэтавы ахоп уключае краіны Усходняй Еўропы (Беларусь, Украіна, Малдова, Венгрыя, Румынія, Славакія, Балгарыя), Балканы, Расію, Каўказ (Арменія, Азербайджан, Грузія) і Цэнтральную Азію (Казахстан, Кыргызстан).