26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Місія наглядальнікаў БДІПЧ АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі плануе апублікаваць прамежкавую справаздачу ў сярэдзіне верасня, паведаміў сёння журналістам кіраўнік місіі наглядальнікаў БДІПЧ АБСЕ Жак Фор, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пры гэтым кіраўнік місіі адзначыў, што гэта справаздача не будзе змяшчаць якіх-небудзь ацэнак. Адначасова з абнародаваннем дакумента плануецца правесці яшчэ адну прэс-канферэнцыю для беларускіх СМІ.
Акрамя таго, 12 кастрычніка - на наступны дзень пасля выбараў - місія плануе правесці прэс-канферэнцыю, дзе будуць агучаны папярэднія вывады. Падагульняючую справаздачу плануецца прадставіць праз два месяцы пасля дня галасавання. Яна будзе змяшчаць, у тым ліку, рэкамендацыі АБСЕ.
Місія БДІПЧ АБСЕ, якая пачала работу па назіранні за выбарчай кампаніяй у Беларусі, уключае ў сябе 11 міжнародных экспертаў, якія базіруюцца ў Мінску, а таксама 36 наглядальнікаў, працуючых па ўсёй краіне. Апошнія пачнуць сваю місію 2 верасня, а прыбудуць у Беларусь 31 жніўня.
Сярод 11 экспертаў місіі, якія знаходзяцца цяпер у Беларусі, грамадзяне
Францыі, Даніі, Польшчы, Расіі, Грэцыі, Італіі, Сербіі, Казахстана, Украіны. Гэта эксперты ў галіне права, медыя-аналітыкі, выбараў і г.д. Сярод іх таксама ёсць і спецыялісты па фінансавых пытаннях і па бяспецы.