22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перадвыбарная праграма кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Таццяны Караткевіч апублікавана на сайце газеты "СБ. Беларусь сегодня", паведамляе БЕЛТА.
У прыватнасці, Таццяна Караткевіч лічыць неабходным правесці ў краіне пенсійную рэформу без павышэння пенсійнага ўзросту. На яе думку, трэба распрацаваць сістэму накапляльных пенсій, дадатковага пенсійнага страхавання, развіваць прыватныя пенсійныя фонды нараўне з дзяржаўнымі.
Акрамя таго, неабходна аказваць падтрымку сем'ям з дзецьмі і садзейнічаць прадпрымальніцкай дзейнасці сем'яў. У праграме таксама ідзе размова аб падтрымцы будаўніцтва жылля ў рэгіёнах для маладых сем'яў і маладых спецыялістаў, у першую чаргу - індывідуальных жылых дамоў на ўласным зямельным участку.
Кандыдат робіць акцэнт на партнёрстве дзяржавы і бізнесу: трэба распрацаваць сістэму падтрымкі сацыяльна адказнага бізнесу, стымуляваць інвестыцыі работадаўца ў сістэму сацыяльнай абароны работнікаў свайго прадпрыемства. На яе думку, трэба ўвесці падатковыя льготы за спонсарскую падтрымку сацыяльных праектаў.
Адносна мадэрнізацыі заводаў і прадпрыемстваў Таццяна Караткевіч адзначае неабходнасць стварэння антыкрызісных праграм для праблемных заводаў і прыцягнення пад іх інвестыцый. На думку кандыдата, трэба прыватызаваць прадпрыемствы, якія не жыццяздольны. А тым, хто трапіць пад скарачэнне, яна абяцае забяспечыць атрыманне новай прафесіі, даць ільготны крэдыт для адкрыцця сваёй справы або аказаць сацыяльную падтрымку ў памеры 75 працэнтаў ад іх заработку на працягу 6 месяцаў.
У праграме ідзе размова і аб развіцці энергетычнага сектара. Так, трэба правесці мадэрнізацыю існуючых энергетычных магутнасцей і "правесці рэвізію рашэння па АЭС аб неабходнасці яе будаўніцтва".
Таксама Таццяна Караткевіч упэўнена, што краіна мае патрэбу ў канстытуцыйнай рэформе і павінна стаць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай.
Наконт знешніх эканамічных адносін у праграме сярод іншага гаворыцца, што Беларусь павінна ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю і вярнуцца ў рэжым абагульненых прэферэнцый з ЕС. На думку кандыдата на вышэйшую дзяржаўную пасаду, трэба "выбудаваць гандлёвы шлях не толькі паміж Усходам і Захадам, але і ад "мора да мора" - паміж поўначчу і поўднем".
Раней былі афіцыйна апублікаваны праграмы Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Лукашэнкі і Мікалая Улаховіча.
Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.