18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перадвыбарная праграма кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Сяргея Гайдукевіча апублікавана на сайце газеты "СБ. Беларусь сегодня", паведамляе БЕЛТА.
Адзін з праграмных тэзісаў Гайдукевіча - правядзенне бліжэйшых выбараў у парламент па змешанай прапарцыянальна-мажарытарнай выбарчай сістэме. Кандыдат лічыць, што ў гэтых выбарах павінны прыняць удзел усе "канструктыўныя сілы, настроеныя на стваральную работу на карысць грамадзян і Беларусі".
Гайдукевіч абяцае, што "зробіць з чыноўнікаў дзяржаўнікаў", гэта значыць людзей, якія ўсведамляюць "усю асабістую адказнасць перад Айчынай, адказваюць за свае дзеянні і не баяцца праяўляць ініцыятыву на карысць Радзіме". Палітык выступае і за пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў самакіравання.
У праграмным тэксце таксама заяўлена, што Гайдукевіч катэгарычна супраць авантурызму ў палітыцы, таму што ведае: любы эксперымент у палітыцы - гэта эксперымент на людзях.
Кандыдат заяўляе і аб тым, што трэба наблізіць мінімальны памер аплаты працы да пражытачнага мінімуму. Таксама ён выступае за адраджэнне працоўнай пенсіі, а ў перспектыве - за персаніфікацыю пенсійных рахункаў і развіццё сістэмы недзяржаўнага пенсійнага забеспячэння. Гайдукевіч лічыць неабходным таксама сур'ёзна павысіць узровень сацыяльных гарантый непрацаздольным. Эканамічны рост, на яго думку, павінен грунтавацца на стымуляванні развіцця легальнага сектара эканомікі, а ценявую эканоміку неабходна выцясняць. "Бізнес - матор эканомікі", - таксама заяўлена ў праграме. Гайдукевіч прапануе вызваліць ад арэнднай платы на тры гады сярэдні і малы бізнес, а таксама перадаць такому бізнесу пустуючыя адміністрацыйныя памяшканні.
"Адукацыя павінна адпавядаць патрэбнасцям асобы, грамадства, краіны", - таксама падкрэслівае кандыдат.
Што датычыцца знешняй палітыкі, то "неабходна трымаць парытэт паміж Захадам і Усходам, быць своеасаблівай усходнеславянскай Швейцарыяй". Пры гэтым Захад - партнёр, Расія - саюзнік. Акрамя таго, Гайдукевіч абяцае праводзіць шматвектарную палітыку.
Раней былі афіцыйна апублікаваны праграмы Аляксандра Лукашэнкі і Мікалая Улаховіча. Праграмныя тэксты Таццяны Караткевіч і Сяргея Гайдукевіча таксама былі абнародаваны практычна ў пачатку перыяду агітацыі, аднак гэта не былі афіцыйныя публікацыі.
Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.