13 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Падлік галасоў на выбарах Прэзідэнта Беларусі праходзіў адкрыта. Аб гэтым заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве расійскі сенатар Сцяпан Кірычук, які па лініі Міжпарламенцкай асамблеі СНД прымаў удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я прысутнічаў на падліку галасоў. Усё адбывалася адкрыта", - сказаў Сцяпан Кірычук. Ён лічыць неабгрунтаванай крытыку працэдуры датэрміновага галасавання ў Беларусі. "Я сустракаўся з тымі грамадзянамі, якія прагаласавалі датэрмінова. Яны пацвердзілі, што ніхто не прасіў іх прыйсці загадзя на выбарчы ўчастак, а ў дзень выбараў у гэтых людзей проста былі іншыя планы", - адзначыў расійскі наглядальнік.
У сваю чаргу расійскі наглядальнік Людміла Казлова, якая таксама ўдзельнічала ў наглядальнай місіі па лініі Міжпарламенцкай асамблеі СНД, паведаміла, што яна наведала каля 20 выбарчых участкаў. "Пры падліку галасоў на тым участку, дзе я прысутнічала, знаходзіліся і прадстаўнікі беларускай апазіцыі, - дадала Людміла Казлова. - Яны спрабавалі знайсці парушэнні, задавалі правакацыйныя пытанні. Але члены ўчастковай камісіі дакладна адказвалі на іх. У выніку на тым участку, дзе прысутнічала пры падліку галасоў, прадстаўнікі апазіцыі згадзіліся з вынікамі падліку".
Расійскі сенатар адзначыла, што выбары ў Беларусі праходзілі вельмі арганізавана, без чорнага піяру, з высокай актыўнасцю насельніцтва.
"Я бачыла, што ўжо на адкрыцці участкаў да іх стаяла чарга, - сказала сенатар. - Людзі неабыякава аднесліся да выбараў, больш як 87 працэнтаў - гэта высокі працэнт грамадзян, якія прагаласавалі. Калі ў людзей няма абыякавасці, у гэтай краіны ёсць будучыня".
Гаворачы аб выніках галасавання, Людміла Казлова выказала думку, што беларускі народ выступіў за стабільнасць. "Галасавалі за стабільнасць, за шчасце, за свабоду, за магчымасць жыць без вайны", - рэзюмавала яна.