7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наглядальнікі ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прыбудуць у Беларусь 9 кастрычніка для правядзення маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў, паведаміла БЕЛТА старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
Як чакаецца, гэта група міжнародных наглядальнікаў будзе складацца з сямі чалавек і прабудзе ў краіне да 12 кастрычніка. Плануецца, што гэта місія правядзе сустрэчу з кіраўніцтвам Цэнтрвыбаркама 10 кастрычніка.
Усяго, паводле апошніх даных, у Беларусі акрэдытавана 918 міжнародных наглядальнікаў. У тым ліку ад БДІПЧ АБСЕ - 344, ад выбарчых органаў замежных дзяржаў - 19, ад СНД - 382, ад дыпламатычнага корпуса - 64, незалежных наглядальнікаў - 19.
Што датычыцца нацыянальных наглядальнікаў, то іх колькасць перавышае 37,8 тыс. чалавек. Сярод іх ёсць прадстаўнікі розных палітычных партый (Беларуская аграрная партыя, Беларуская партыя "Зялёныя", Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя-БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", партыя БНФ і іншыя), а таксама грамадскіх арганізацый ("Белая Русь", БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, БНФ "Адраджэнне", Беларускі Хельсінкскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі).